З. Пазьняк
Аб сымвалічным грамадзянстве БНР

Трэба праводзіць станоўчую канцэптуальную палітыку, якая пакажа шлях i спосаб ліквідацыіі дыктатарскага рэжыму. Ствараць альтэрнатыўную рэжыму ciлy, памятаючы, што дыктатура на Беларусі моцная не сваей моцай, а нашай слабасьцю. Паставіць улады i грамадзтва перад рэальным выборам шляхоў, а не паміж шляхам i пратэстам.

Альтэрнатывай палітыцы анэксіі i дыктатуры беларускія вызвольныя сілы прапанавалі стварэньне супольнасьці грамадзянаў Беларускай Народной Рэспублікі. Першым этапам i першай акцыяй гэтай ініцыятывы стала паступовае разгортваньне кампаніі прыняцьця сымвалічнага грамадзянства БНР.

Гэтая палітыка мае добрыя пэрспэктывы ў Беларусі, але патрабуе вялікай, арганізаванай i штодзённай працы ўсяго сьведамага беларускага грамадзтва. Пры арганізаваным падыходзе мы можам мець сотні тысячаў грамадзянаў-прыхільнікаў БНР, а ў недалёкай пэрспэктыве — мільёны. Гэта ў карані палепшыць становішча, бо дасьць грунт для рэальнага ўвасабленьня беларускай нацыянальнай ідэі i плятформу для шырокага аб'яднаньня ўcix антыдыктатарскіх незалежніцкіх сілаў Беларусі, не зважаючы на партыйную прыналежнасьць.

Сымвалічным грамадзянствам БНР будуць валодаць рэальныя людзі. Таму з разгортваньнем гэтае справы узьнікне магчымасьць рэалізаваць сацыяльныя ініцыятывы грамадзянаў: ствараць, напрыклад, Камітэты грамадзянаў БНР, як некалі у Эстоні ці Летуве, утварыць функцыянальныя структуры мясцовага самакіраваньня, выбарчыя кaміcіі, а пры шырокім руху стварыць нават грамадзкі парлямант i яго выканаўчыя органы. Аднак, каб узьніклі такія магчымасьці, патрэбна найперш мець гэтых людзей, што зрабілі выбар на карысьць Ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Рада БНР застаецца найвышэйшым органам, хавальнікам цягласьці справы БНР, гістарычных традыцыяў i ідэалаў.

Яна не ўмешваецца ў канкрэтную дзейнасьць на Беларусі i не стаіць над канкрэтнымі палітычнымі дачыненьнямі. Але сваімі заявамі, зваротамі падтрымлівае агульны якасны ўзровень беларускай нацыянальнай ідэі.

Ёсьць пэўная сымвалічнасьць, пэўны добры знак у тым, што напрыканцы ХХ-га стагоддзя, апынуўшыся ў надзвычай цяжкім становішчы, беларускія адраджэнцы зноў зьвярнуліся да несьмяротнай справы Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларуская нацыянальная Ідэя, беларускае змаганьне з прарасейскім рэжымам i дыктатурай за Беларусь павінны мець выразнае i канкрэтнае ўвасабленьне. Гэтае ўвасабленьне, гэтая мэта ёсьць аднаўленьне БНР.

Аднаўленьне Беларускай Народной Рэспублікі будзе азначаць сапраўдную незалежнасьць, сапраўдную свободу i сапраўдную дэмакратыю. Яно паставіць крыж на савецкай пераемнасьці дзяржаўнай улады i на усім савецкім, на ўcix тых кнорыных, ляндэрах, мясьнікянах ды машэравых.

Новая вольная Беларусь мусіць аднавць сваё існаваньне шляхам пераемнасьці ад Беларускай Народнай Рэспублікі, а пэрыяд БССР павінен быць патрактаваны як пэрыяд акупацыі i марыянэткавага дзяржаўнага ўтварэньня. Толькі тады рэальна можна будзе скончыць з усім савецкім, з прывідамі камунізму i хутка пакрочыць па сваей беларускай дарозе эурапейскага разьвіцьця.

Мы, беларускія адраджэнцы, даўно пераканана ступілі на гэты шлях i ня збочым зь яго ніколі.

Зянон ПАЗЬНЯК Старшыня БНФ "Адраджэньне” 6 верасьня 1998г.

Да галоўнай