Ю.Казакоў
Абвяшчэнне БНР і дзейнасць яе Рады

9 снежня 1917 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй пачаліся мірныя перагаворы. Занепакоены тым, што ўзнікла рэальная небяспека падзелу роднага края, выканкам Усебеларускага з’езда накіраваў у Брэст-Літоўск сваіх прадстаўнікоў. Дэлегацыя на чале з А. Цвікевічам, нягледзячы на шматлікія перашкоды і адсутнасць афіцыйнага статуса, здолела данесці да ведама ўдзельнікаў канферэнцыі, што яна выступае ад імя беларускага народа і адстоўвае цэласнасць і непадзельнасць яго тэрыторыі, неабходнасць нацыянальнага самавызначэння. Але мірныя перагаворы па віне Л. Троцкага былі сарваны. Германскае камандаванне аддало загад сваім войскам пачаць 18 лютага 1918 г. наступленне, што рэзка абвастрыла сітуацыю на Заходнім фронце. Дзейнічаючы сумесна з часцямі 1-га польскага корпуса, германскія войскі хутка набліжаліся да Гомеля і Мінска. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаха і СНК Заходняй вобласці, якія раней не аднойчы заяўлялі аб сваім імкненні застацца ў горадзе і арганізаваць абарону, вымушаны былі спешна эвакуіравацца. У ноч на 19 лютага з Мінска ў Смаленск выехалі партыйныя і савецкія ўстановы, штаб Заходняга фронту.

Пасля адыходу бальшавікоў выканкам Усебеларускага з'езда вырашыў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да народаў Беларусі з першай устаўнай граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай. Мы павінны ўзяць свой лёс у свае ўласныя рукі", — падкрэслівалася ў грамаце. Беларускі народ павінен ажыццявіць сваё неад'емнае права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Планавалася, што права нацый павінна вырашацца праз скліканне на дэмакратычных пачатках устаноўчага сейма, а да яго адкрыцця функцыі ўлады ўскладаліся на створаны Выканкамам Народны Сакратарыят Беларусі. Гэта быў першы беларускі ўрад, старшынёй і сакратаром міжнародных спраў якога быў прызначаны адзін з лідэраў БСГ Я.Варонка. Акрамя яго ў склад урада ўвайшлі П.Крачэўскі, А.Смоліч, П.Бадунова, А.Карач, Т.Грыб, К.Езавітаў, У.Макрэеў, І.Серада, Я.Бялевіч, В.Рэдзько, Г.Белкінд, П.Злобін, Л.Заяц (усяго 14 сакратароў), якія прадстаўлялі БСГ, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і яўрэйскія сацыялістычныя арганізацыі.

Дзейнасць Народнага Сакратарыята праходзіла ў складаных умовах. У Мінск увайшлі нямецкія войскі, дзе яны нечакана "сутыкнуліся" з палітычным цэнтрам, які называў сябе беларускім урадам. Асновай сваёй палітыкі Германія лічыла мірны дагавор толькі з РСФСР і разглядала Беларусь як частку акупіраванай расійскай тэрыторыі. 25 лютага 1918 г. нямецкія салдаты занялі будынак Народнага Сакратарыята, знялі з яго нацыянальны сцяг, у памяшканні зрабілі вобыск і захапілі касу. Неўзабаве пасля інцыдэнту акупацыйным уладам быў адасланы мемарандум. Пасля наведвання беларускімі прадстаўнікамі нямецкага каменданта капітана фон Пільца непаразуменне было вырашана. Аднак рэальнай улады Народны Сакратарыят не атрымаў і працягваў сваё існаванне толькі фармальна. 9 сакавіка 1918 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Выканкама Усебеларускага з'езда, на якім была прынята другая ўстаўная грамата да народаў Беларусі. У межах рассялення і колькаснай перавагі яе насельніцтва Беларусь была абвешчана Народнай Рэспублікай — БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду, прэзідыўм якой узначаліў І.Серада. Да склікання ўстаноўчага сейма яна аб'яўлялася заканадаўчай уладай, а Народны Сакратарыят, які назначаўся Радай, стаў выканаўчым органам і падпарадкоўваўся ёй. Граматай дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды, адмянялася права прыватнай уласнасці на зямлю, устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень.

Друтая ўсгаўная грамата фактычна з'яўлялася пашыраным варыянтам першай і вызначала асноўныя прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі. 3 імі пагадзіліся нават меншавікі і эсэры, якія раней ігнаравалі саму ідэю беларускай дзяржаўнасці. Адбылося іх прымірэнне з беларускімі палітычнымі партыямі, перш за ўсё з БСГ. Пачала выпрацоўвацца агульная тактыка ў нацыянальным пытанні, на падастве якой складваўся палітычны блок. Прадстаўнікі расійскіх сацыялістычных партый увайшлі ў Раду. 18 сакавіка 1918 г. Рада Усебеларускага з'езда абвясціла сяое Радай БНР і папоўніла свой склад. Агульная колькасць яе членаў была даведзена да 71 чалавека. У яе ўвайшлі прадстаўнікі палітычных партый і аб'яднанняў, земстваў і гарадоў, нацыянальных меншасцяў, якія жылі на Беларусі. У Прэзідыўм Рады былі абраны І.Серада, Я.Варонка і К.Езавітаў.

3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў падпісаны мірны дагавор, па якім землі, што ляжалі на захад ад лініі Рыга — Дзвінск — Свянцяны — Ліда — Пружаны і належалі раней Расіі, перадаваліся Германіі і Аўстра-Венгрыі. Іх лёс павінен быў вырашацца ў адпаведнасці з пажаданнямі насельніцтва. Усходняя частка захопленых Германіяй беларускіх зямель да заканчэння вайны заставалася пад акупацыяй. Гэта яшчэ болын узмацніла незалежніцкія тэндэнцыі ў радах беларускага нацыянальнага руху, бо бальшавікі парушылі дадзенае абяцанне, што лёс Беларусі не будзе вырашацца без удзелу яе прадстаўнікоў.

У склад Рады былі кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады, якія прапанавалі абвясціць незалежнасць БНР. Прапанова спачатку была разгледжана фракцыяй БСГ у Радзе БНР, затым на пленарным пасяджэнні. Пасля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасці і аўтаноміі Беларусі ў складзе РСФСР 25 сакавіка 1918 г. была прынята трэцяя ўстаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У дапаўненне да папярэдніх актаў тут указвалася, што БНР павінна ўключыць усе землі, дзе жыў і меў лічбавую перавагу беларускі народ. Згодна з этнаграфічнай картай, якую склаў акадэмік Я.Карскі, сюды ўключаліся Магілёўшчына, беларускія часткі Міншчыны, Віцебшчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і іншых губерняў. У фамаце падкрэслівалася, што страцілі сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі і Брэсцкі мірны дагавор. Рада БНР павінна была ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі бакамі і самастойна падпісаць мірнае пагадненне, маючы на ўвазе захаванне цэласнасці і непадзельнасці беларускіх зямель.

Акт аб незалежнасці адлюстраваў надзеі на прызнанне БНР суседнімі краінамі. Аднак гэты крок спачатку не атрымаў падтрымкі. Украіна і Латвія мелі прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі. У Расіі адразу пачаліся акцыі пратэсту супраць абвяшчэння БНР, 6о яна лічыла Беларусь неад'емнай часткай сваёй тэрыторыі. Дзяржавы Антанты і ЗША ва ўмовах вайны з Германіяй і грамадзянскай вайны ў Расіі таксама не праявілі зацікаўленасці да БНР. Праціўнікамі беларускай дзяржаўнасці з'яўляліся польскія і рускія арганізацыі на Беларусі, яўрэйскія колы, якія арыентаваліся на мову і культуру вялікіх народаў і мелі эканамічныя інтарэсы за яе межамі. Што ж тычыцца Германіі, то яе канцлер у адказ на ноту Народнага Сакратарыята паведаміў, што Берлін трактуе Беларусь як частку Савецкай Расіі і, паводле Брэсцкага пагаднення, не мае права без згоды ленінскага ўрада прызнаць новаўтвораную дзяржаву.

Пад пагрозай зброі нямецкія акупацыйныя ўлады разагналі Раду і Народны Сакратарыят, а ў пачатку красавіка забаранілі іх дзейнасць.

У сувязі са склаўшыміся абставінамі Рада і Сакратарыят пайшлі на збліжэнне з дзеячамі Мінскага беларускага прадстаўніцтва Р.Скірмунтам і П.Алексюком, якія выступалі супраць сацыяльных пераўтварэнняў, за больш цеснае супрацоўніцтва з Германіяй. Яны былі кааптаваны ў склад Рады БНР, а 25 красавіка 1918 г. пад іх націскам прымаецца рашэнне накіраваць тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой выказваецца падзяка за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Члены Рады заявілі, што будучыню сваёй краіны яны бачаць толькі пад апекай германскай дзяржавы.

Але адказу не было, не далі вынікаў і іншыя намаганні ў гэтай справе. Як затым высветлілася, гэта быў памылковы крок, які выклікаў востры палітычны крызіс і прывёў да расколу БСГ і Раду БНР. Беларуская сацыялістычная грамада раскалолася на тры часткі: Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Раду БНР пакінулі сацыялісты-рэвалюцыянеры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты, частка членаў БСГ. Пачаў распадацца Народны Сакратарыят. Пад уплывам абставін Рада пачала эвалюцыяніраваць у кааліцыйны орган, дзе перавагу атрымалі кансерватары на чале з Р.Скірмунтам. Яны адмовіліся ад аграрнай праграмы, якая была замацавана ў першай устаўнай грамаце, і пачалі кансультацыі з прадстаўнікамі палітычных партый аб фарміраванні новага складу Народнага Сакратарыята. Але місія Скірмунта правалілася і праз два месяцы ініцыятыву па фарміраванні новага ўрада паспрабаваў узяць на сябе І.Серада. Крызіс унутры Рады БНР паглыбляўся і гэтаму садзейнічала ўзмацняючаяся партызанская барацьба народных мас супраць акупантаў. Адначасова палепшыліся яе адносіны з акупацыйнымі ўладамі, якія ў адрозненне ад афіцыйнага Берліна супрацоўнічалі з Радай БНР.

Пры падтрымцы камандуючага 10-й арміяй генерала Эрыха фон Фалькенгайна Рада дабілася згоды на дзейнасць Мінскай гарадской думы, арганізацыю мясцовай улады. Быў выдадзены часовы загад мясцовым беларускім радам, у якім акрэсліваліся прынцыпы выбараў і прыняцця ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Пры павятовых камендатурах ствараўся інстытут саветнікаў для ўрэгулявання спрэчак паміж акупантамі і насельніцтвам. Пасля таго як у чэрвені 1918 г. урад БНР аб'явіў несапраўднымі дэкрэты Савецкай улады, акупанты перадалі ў кампетэнцыю Народнага Сакратарыята гандаль, прамысловасць, органы апекі, адукацыю і культуру. Паспяхова развівалася дзейнасць Рады БНР на міжнароднай арэне. Па яе ініцыятыве нямецкае вайсковае камандаванне пачало летам 1918 г. перагаворы з Савецкай Расіяй аб аб'яднанні з БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расійскімі войскамі. 3 гэтай нагоды ў Маскву выязджала беларуская дэлегацыя, але народны камісар замежных спраў РСФСР Г.Чычэрын яе не прыняў. Прадстаўніцтвы БНР з'явіліся на Украіне, у Літве і Савецкай Расіі. Дыпламатычныя місіі былі накіраваны ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген. У Кіеве была адкрыта Беларуская гандлёвая палата. Грамадзяне рэспублікі пачалі атрымліваць пашпарты БНР, у тым ліку дыпламатычныя. У красавіку 1918 г. у якасці дзяржаўнага быў зацверджаны бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня".

Найболыных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. У красавіку 1918 г. Народны Сакратарыят прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай. Усе акты, дакументы і пастановы павінны былі пісацца на ёй. Паводле розных падлікаў было адкрыта ад 150 да 350 беларускіх школ, 13 гімназій; пры народным сакратарыяце асветы створаны бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і выдавецтва "Прасвета", якое займалася іх выданнем. У Мінску пачаў працаваць Беларускі педагагічны інстытут, дзе чыталі лекцыі прафесары Я.Карскі, В.Іваноўскі, У.Ігнатоўскі, Б.Тарашкевіч і інш. У красавіку 1918 г. была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, у тым жа годзе перайменаваная ў Беларускую кансерваторыю. Была створана падрыхтоўчая камісія па адкрыцці Беларускага універсітэта, куды ўвайшлі А.Смоліч, М.Доўнар-Запольскі, Я.Карскі. У Мінску працавалі Беларускі тэатр, Таварыства драмы і камедыі, іншыя культурныя ўсгановы. Пад кантролем Народнага Сакратарыята выходзіла 14 газет і часопісаў на беларускай мове.

Поспехі ў дзяржаўным будаўніцтве БНР былі абмежаваныя, бо германскія ўлады не дазволілі стварыць свае ўзброеныя сілы і паліцыю, адсутнічалі фінансавая сістэма, мясцовыя органы ўлады. Каб неяк умацаваць сваё становішча, 9 кастрычніка 1918 г. Рада БНР прыняла пастанову аб павелічэнні свайго складу да звыш 100 чалавек, а Народны Сакратарыят неўзабаве быў пераўтвораны ў Раду народных міністраў, якую ўзначаліў А.Луцкевіч. Новы ўрад паспрабаваў вырашыць беларускае пытанне з удзелам Савецкай Расіі і ў лістападзе распачаў з ёю перагаворы. Але яны не былі завершаны. У Германіі адбылася лістападаўская (1918 г.) рэвалюцыя, Савецкі ўрад дэнансаваў Брэсцкі дагавор і рушыў Чырвоную Армію на захад. Рада БНР пасля адходу германскіх войскаў аказалася безабароннай. Частка яе членаў заставалася ў Мінску, астатнія выехалі ў Гродна і Вільна.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, першая спроба ўтварэння беларускай дзяржаўнасці мела вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады аказалі ўплыў на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Не дабіўшыся ўлады, Рада БНР тым не менш прымусіла бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Беларусі і пайсці па шляху ўтварэння абмежаванай у правах савецкай дзяржавы.

Гісторыя Беларусі. Пад рэд. А. Г. Каханоўскага і інш.- Мн.: "Экаперспектыва", 1996. С. 313-318.

Да галоўнай