Устаўныя Граматы
Беларускай Народнай Рэспублікі

Першая Ўстаўная Грамата
да народаў Беларусі

Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада‚ што была тут‚ няведама‚ мы стаімо перад тым‚ што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі.

Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Ўстаночага Сому ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам‚ якія на ёй жывуць.

Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага зьезду‚ папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў‚ зьдзяйсьняючы мэты Зьезду‚ абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем і скліканьня‚ як можна хутчэй‚ Усебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага ня лічачыся з нацыянальнасьцю‚ вызнаньнем і родам.

Часовую народную ўладу краю‚ якая ставіць мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі‚ будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі‚ які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля.

Выканаўчы Камітэт Рады
Ўсебеларускага Зьезду

Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.

Першая Ўстаўная Грамата

 

Другая Ўстаўная Грамата
да народаў Беларусі

У часе сусьветнай вайны‚ што бурыць адны моцныя дзржавы і аслабляе другія‚ абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым‚ што ён жыве і будзе жыць. Вялікі народны Збор — Усебеларускі Зьезд 15—17 сьнежня 1917 року‚ дбаючы аб долі Беларусі зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу‚ Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі‚ скліканы на асновах агульнага‚ роўнага‚ простага‚ патаёмнага і прапарцыянальнага выбарчага права‚ не зважаючы на род‚ народнасьць і рэлігію.

3. Да часу‚ пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі‚ заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.

4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі‚ які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.

5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ забастовак‚ хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы і памешканьня.

6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права ўласнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым‚ што самі на ёй працуюць. Лясы‚ вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень.

Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі‚ мы‚ Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду‚ абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы‚ сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў‚ каб склікаць у найбліжэйшым часе Ўстаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускай Зямлі клічам памагчы нам ў цяжкой і адказнай нашай працы.

Спаўняючы Камітэт Рады
1-га Ўсебеларускага Зьезду

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.

 

Трэцяя Ўстаўная Грамата Рады БНР

Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.

Цяпер мы‚ Рада Беларускай Народнай Рэспублікі скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народнай Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе Ўстаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі‚ якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці‚ што забівае насьмерць беларускі народ‚ дзелячы зямлю яго на часткі.

На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі‚ прапануючы ім перагледзець тую часьціну Берасьцейскага трактату‚ якая датычыць Беларусі‚ і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі‚ дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ‚ а ласьне: Магілеўшчыну‚ беларускія часьці Меншчыны‚ Гарадненшчыны (з Горадняй‚ Беластокам і інш.)‚ Віленшчыны‚ Віцебшчыны‚ Смаленчшыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў‚ заселеных беларусамі.

Беларуская народная Рэспубліка зацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі‚ якія абвешчаныя Ўстаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 року.

Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі‚ Рада яе пакладае свае надзеі на тое‚ што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна дзяржаўны ідэал.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі

Дана ў Менску-Беларускім 25 сакавіка 1918 року.


Да галоўнай